РУНЕ́Ц АВЕ́ЧЫ, крывасоска авечая (Melophagus ovinus),

бяскрылае паразітычнае насякомае атр. двухкрылых; эктапаразіт авечак, зрэдку коз, коней, вярблюдаў, ласёў і інш. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнік мелафагозу. У хворых авечак узнікаюць дэрматыты, аблысенні, парушэнні абмену рэчываў, ягняты часцей гінуць. Р.а. можа быць пераносчыкам трансмісіўных хвароб (трыпанасамоза і інш.).

Цела патоўшчанае, даўж. 4—7 мм, жоўта-бурае, густа ўкрытае валаскамі. Жыве 7—8 месяцаў, кожныя 7—9 дзён самка нараджае па лічынцы, якая праз 12 гадз. ператвараецца ў цёмна-карычневую кукалку. Праз 20—30 дзён з яе выходзіць дарослае насякомае.

Рунец авечы: 1 — самец; 2 — самка.

т. 13, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)